¯\_(ツ)_/¯

2024

Каляндар на наступны год. Цяпер анлайн. Больш не трэба ўяўляць умоўны цыліндр у галаве, каб зразумець ідэю, бо ўмоўны цыліндр гартаецца ў вакне браузера. І як ні гартай — заўсёды бачыш увесь год адразу.

clndr.today

На жаль, пакуль толькі для дэсктопаў, на тэлефоне паглядзець не атрымаецца. І зараз ён толькі для Польшчы і Беларусі, на чатырох мовах. Калі хочаце, каб я дадаў на яго яшчэ краіну ці іншую мову, ці знайшлі памылку, напішыце мне

Альтэрнатыўная схема руху трамваяў Кракава

Шчыра кажучы, і афіцыйная схема руху трамваяў Кракава нармальная. Схема як схема — калі хочаш па ёй знайсці, як ехаць — знойдзеш. Але ўсё ў ёй чамусьці нясе на сабе адбітак нейкай недасканаласці: месцамі вялізныя дзіркі, месцамі — нагрувашчванне дробных элементаў, лініі, абведзеныя лініямі, сабраныя ў лініі, складаныя вузлы, дзесяткі колераў, вельмі дробныя надпісы... Карацей, так і хочацца яе палепшыць)

Лепшая альтэрнатыва — спрасціць

Кажуць, чым меней паваротаў у лініі, тым лягчэй прасачыць маршрут. А каб іх было меней, трэба сетку вуглоў з 45° змяніць на 36°. У выпадку менавіта кракаўскай геаграфіі яна больш натуральная.

Яшчэ лічыцца, што спрашчае ўспрыманне ўнутраны парадак, які ўзнікае, калі элементы падпарадкоўваюцца аднаму рытму. У альтэрнатыўнай версіі такі рытм ёсць у кожнай плоскасці:

Надпісы таксама парасстаўляныя рытмічна:

Колеры і пучкі

Калі ўважліва прыгледзіцца да кракаўскіх трамваяў, высвятляецца, што кожны маршрут не такі ўжо й унікальны — яны па два, па тры, а то і па чатыры ходзяць на асноўных адрэзках тымі ж самымі вуліцамі. Адрозніваюцца толькі “хвасты” маршрутаў. Таму мець кожнаму маршруту свой асабісты колер зусім не абавязкова. У альтэрнатыўнай версіі абыдземся толькі 7 на ўсіх замест былых 20. Гэта акрамя ўсяго дасць нам магчымасць разблытаць складаныя вузлы:


Новыя колеры падабраныя такім чынам, каб схему маглі прачытаць таксама і людзі з парушэннямі ўспрымання колераў:

1) Як убачаць схему, напрыклад, людзі з дэйтэранамаліяй; 2) дэйтэранапіяй; 3) трытанамаліяй

Змяншэнне колькасці колераў дае дадатковы своеасаблівы мнеманічны эфект: па колеры лініі можна адразу сказаць, якая ў яе “геаграфія”. Кшталту “чырвоная ідзе з паўночнага захаду на поўдзень праз Філармонію і Страдом”, ці “фіялетавая — так жа сама, толькі праз Старавісельну і тэатр Славацкéга”, ці “жоўтыя з сінімі ўмоўныя гарызанталі, а туркусовая — умоўная вертыкаль, ідзе праз тунэль”. І гэтак далей.

Акрамя гэтага, калі колераў менш, схема больш чыстая і пазітыўная. Пазітыву дадаюць таксама геаграфічныя аб'екты (акрамя таго, што з'яўляюцца арыентырамі).


Яшчэ адзін з вядомых прынцыпаў паляпшэння схем — пазбавіцца ад легенды (прынамсі хаця б часткова). Для альтэрнатыўнай версіі было вырашана паказаць напрамкі, у якіх ідуць трамваі, не ў легендзе, а ў саміх канцавых пунктах.

Што аб'ектыўна стала лепш

Пры аднолькавых габарытах схем (альтэрнатыўная нават трохі меншая па вышыні) надпісы на новай схеме значна большага памеру, чым тыя, што на афіцыйнай:



Такім чынам, лічу, альтэрнатыўная схема лепш :)

***

Сябры, гэта першая версія схемы, якая будзе дапрацоўвацца. Мне патрэбна ваша дапамога. Па-першае, неабходныя людзі з добрым валоданнем польскай, для таго, каб вычытаць і выправіць памылкі, якія я верагодна нарабіў. Па-другое, патрэбны жыхары і наведвальнікі Кракава, якія б дапамаглі знайсці факталагічныя памылкі. Калі вы ці вашы знаёмыя могуць дапамагчы, калі ласка, напішыце мне.

2023

Звычайна каляндар графічна ўяўляе сабой прамавугольнік. Але ж сутнасна ён яшчэ і кола, і лінія. Вашай увазе прапануецца спалучэнне гэтых сутнасных і графічных фігур — каляндар на 2023:

PDF для друку: для Беларусі, для Беларусі лацінкай, для Польшчы, для Польшчы па-польску.
Калі патрэбна версія для іншай краіны, мовы, ці вы знайшлі памылку, пішыце

Мінскае метро. Антысхема IІІ

Памятаеце, была такая Антысхема мінскага метро? Хачу вам распавесці, як пераадолеў адно з яе базавых абмежаванняў — дадаў трэцюю лінію.

PDF

Нагадаю. Неяк, шукаючы абсалют, я прыйшоў да высновы, што ў схеме метро Мінска можна адмовіцца ад ліній, а сэнс не зменіцца. Проста вертыкальнай воссю хай будуць станцыі, а гарызнатальнай — пераход паміж лініямі. А тое, што станцыі будуць на адной лініі, нават дасць магчымасць паказаць суадносіны адлегласцяў паміж імі — будзе больш інфарматыўнасці.

Фрагмент афіцыйнай схемы метро на той момант побач з адпаведным фрагментам першай антысхемы

Атрымалася нешта, што адначасова і існуе ў свеце схемаў, і, па сутнасці, іх адмаўляе. Антысхема.


Другая версія антысхемы

Але ж так зручна тады ўсё сышлося таму, што ліній было ўсяго дзве. А неўзабаве ж з’явілася трэцяя. Яна злучаецца і з першай, і з другой адначасова. Здаецца, дзвюх плоскасцяў ужо не хопіць, каб паказаць адначасова лініі і ўсе пераходы...

Але выйсце ёсць. Трэба проста ўмоўна плоскасць пераўтварыць у 3D-аб'ект.

Так першапачатковая канцэпцыя для дзвюх ліній застаецца і пры трох: спіс станцый вертыкальна, пераходы — гарызантальна. І калі дабудуюцца новыя станцыі трэцяй лініі, нічога не зменіцца.

Вуліцы

Выхады са станцый з'явіліся яшчэ ў другой версіі антысхемы — маўляў, калі ведаем, з якой станцыі патрапіць на вуліцу, то крута было б і ведаць, куды канкрэтна ісці. Але сітуацыя з выхадам там абыгравалася лакальна, у спісе, паказваючы зносіны вуліцы толькі з «яе» станцыяй. У новай жа версіі вуліцы (прынамсі, іх абазначэнні) узаемадзейнічаюць з усім астатнім асяроддзем.



Чаму некаторыя з абазначэнняў як бы трохі прыглушаныя? Гэта таксама новае ў антысхеме: тыя вуліцы, назву якіх можна шукаць па-рознаму (ці то «Яна Чачота», ці то «Чачота Яна»), займаюць у спісе вуліц цяпер два месцы. Трошкі прыглушаны побач з малюнкам станцыі нумар «альтэрнатыўнага» варыянту (у выпадку з Чачотам гэта быў бы «Чачота Яна»).



Яшчэ новае, што станцыі атрымалі каардынаты. Цяпер шэрыя гарызантальныя лініі пад імі паказваюць не толькі колькасць адрэзкаў па 2 мінуты (дыстанцыю), а яшчэ і межы картаграфічных «квадратаў», у якіх станцыі знаходзяцца.

1) верхні левы вугал антысхемы; 2) правы ніжні

Вось так. Пампуйце і глядзіце PDF арыгінальнага памеру.

***
Хацелася б знайсці чалавека, які б дапамог з перакладам на іншыя мовы. Калі гэта вы, ці, можа, вы проста знайшлі памылку, ці ёсць прапановы, заўвагі, ці яшчэ што, калі ласка, пішыце.

Ctrl + ↓ Раней