Шчыра кажучы, і афіцыйная схема руху трамваяў Кракава нармальная. Схема як схема — калі хочаш па ёй знайсці, як ехаць — знойдзеш. Але ўсё ў ёй чамусьці нясе на сабе адбітак нейкай недасканаласці: месцамі вялізныя дзіркі, месцамі — нагрувашчванне дробных элементаў, лініі, абведзеныя лініямі, сабраныя ў лініі, складаныя вузлы, дзесяткі колераў, вельмі дробныя надпісы... Карацей, так і хочацца яе палепшыць)
Лепшая альтэрнатыва — спрасціць
Кажуць, чым меней паваротаў у лініі, тым лягчэй прасачыць маршрут. А каб іх было меней, трэба сетку вуглоў з 45° змяніць на 36°. У выпадку менавіта кракаўскай геаграфіі яна больш натуральная.
Яшчэ лічыцца, што спрашчае ўспрыманне ўнутраны парадак, які ўзнікае, калі элементы падпарадкоўваюцца аднаму рытму. У альтэрнатыўнай версіі такі рытм ёсць у кожнай плоскасці:
Надпісы таксама парасстаўляныя рытмічна:
Колеры і пучкі
Калі ўважліва прыгледзіцца да кракаўскіх трамваяў, высвятляецца, што кожны маршрут не такі ўжо й унікальны — яны па два, па тры, а то і па чатыры ходзяць на асноўных адрэзках тымі ж самымі вуліцамі. Адрозніваюцца толькі “хвасты” маршрутаў. Таму мець кожнаму маршруту свой асабісты колер зусім не абавязкова. У альтэрнатыўнай версіі абыдземся толькі 7 на ўсіх замест былых 20. Гэта акрамя ўсяго дасць нам магчымасць разблытаць складаныя вузлы:
Новыя колеры падабраныя такім чынам, каб схему маглі прачытаць таксама і людзі з парушэннямі ўспрымання колераў:
1) Як убачаць схему, напрыклад, людзі з дэйтэранамаліяй; 2) дэйтэранапіяй; 3) трытанамаліяй
Змяншэнне колькасці колераў дае дадатковы своеасаблівы мнеманічны эфект: па колеры лініі можна адразу сказаць, якая ў яе “геаграфія”. Кшталту “чырвоная ідзе з паўночнага захаду на поўдзень праз Філармонію і Страдом”, ці “фіялетавая — так жа сама, толькі праз Старавісельну і тэатр Славацкéга”, ці “жоўтыя з сінімі ўмоўныя гарызанталі, а туркусовая — умоўная вертыкаль, ідзе праз тунэль”. І гэтак далей.
Акрамя гэтага, калі колераў менш, схема больш чыстая і пазітыўная. Пазітыву дадаюць таксама геаграфічныя аб'екты (акрамя таго, што з'яўляюцца арыентырамі).
Яшчэ адзін з вядомых прынцыпаў паляпшэння схем — пазбавіцца ад легенды (прынамсі хаця б часткова). Для альтэрнатыўнай версіі было вырашана паказаць напрамкі, у якіх ідуць трамваі, не ў легендзе, а ў саміх канцавых пунктах.
Што аб'ектыўна стала лепш
Пры аднолькавых габарытах схем (альтэрнатыўная нават трохі меншая па вышыні) надпісы на новай схеме значна большага памеру, чым тыя, што на афіцыйнай:
Такім чынам, лічу, альтэрнатыўная схема лепш :)
***
Сябры, гэта першая версія схемы, якая будзе дапрацоўвацца. Мне патрэбна ваша дапамога. Па-першае, неабходныя людзі з добрым валоданнем польскай, для таго, каб вычытаць і выправіць памылкі, якія я верагодна нарабіў. Па-другое, патрэбны жыхары і наведвальнікі Кракава, якія б дапамаглі знайсці факталагічныя памылкі. Калі вы ці вашы знаёмыя могуць дапамагчы, калі ласка, напішыце мне.