Мінскае метро. Антысхема IІІ
Памятаеце, была такая Антысхема мінскага метро? Хачу вам распавесці, як пераадолеў адно з яе базавых абмежаванняў — дадаў трэцюю лінію.
Нагадаю. Неяк, шукаючы абсалют, я прыйшоў да высновы, што ў схеме метро Мінска можна адмовіцца ад ліній, а сэнс не зменіцца. Проста вертыкальнай воссю хай будуць станцыі, а гарызнатальнай — пераход паміж лініямі. А тое, што станцыі будуць на адной лініі, нават дасць магчымасць паказаць суадносіны адлегласцяў паміж імі — будзе больш інфарматыўнасці.
Фрагмент афіцыйнай схемы метро на той момант побач з адпаведным фрагментам першай антысхемы
Атрымалася нешта, што адначасова і існуе ў свеце схемаў, і, па сутнасці, іх адмаўляе. Антысхема.
Але ж так зручна тады ўсё сышлося таму, што ліній было ўсяго дзве. А неўзабаве ж з’явілася трэцяя. Яна злучаецца і з першай, і з другой адначасова. Здаецца, дзвюх плоскасцяў ужо не хопіць, каб паказаць адначасова лініі і ўсе пераходы...
Але выйсце ёсць. Трэба проста ўмоўна плоскасць пераўтварыць у 3D-аб'ект.
Так першапачатковая канцэпцыя для дзвюх ліній застаецца і пры трох: спіс станцый вертыкальна, пераходы — гарызантальна. І калі дабудуюцца новыя станцыі трэцяй лініі, нічога не зменіцца.
Вуліцы
Выхады са станцый з'явіліся яшчэ ў другой версіі антысхемы — маўляў, калі ведаем, з якой станцыі патрапіць на вуліцу, то крута было б і ведаць, куды канкрэтна ісці. Але сітуацыя з выхадам там абыгравалася лакальна, у спісе, паказваючы зносіны вуліцы толькі з «яе» станцыяй. У новай жа версіі вуліцы (прынамсі, іх абазначэнні) узаемадзейнічаюць з усім астатнім асяроддзем.
Чаму некаторыя з абазначэнняў як бы трохі прыглушаныя? Гэта таксама новае ў антысхеме: тыя вуліцы, назву якіх можна шукаць па-рознаму (ці то «Яна Чачота», ці то «Чачота Яна»), займаюць у спісе вуліц цяпер два месцы. Трошкі прыглушаны побач з малюнкам станцыі нумар «альтэрнатыўнага» варыянту (у выпадку з Чачотам гэта быў бы «Чачота Яна»).
Яшчэ новае, што станцыі атрымалі каардынаты. Цяпер шэрыя гарызантальныя лініі пад імі паказваюць не толькі колькасць адрэзкаў па 2 мінуты (дыстанцыю), а яшчэ і межы картаграфічных «квадратаў», у якіх станцыі знаходзяцца.
1) верхні левы вугал антысхемы; 2) правы ніжні
Вось так. Пампуйце і глядзіце PDF арыгінальнага памеру.
***
Хацелася б знайсці чалавека, які б дапамог з перакладам на іншыя мовы. Калі гэта вы, ці, можа, вы проста знайшлі памылку, ці ёсць прапановы, заўвагі, ці яшчэ што, калі ласка, пішыце.