1 нататка з тэгам

trams

Альтэрнатыўная схема руху трамваяў Кракава

Шчыра кажучы, і афіцыйная схема руху трамваяў Кракава нармальная. Схема як схема — калі хочаш па ёй знайсці, як ехаць — знойдзеш. Але ўсё ў ёй чамусьці нясе на сабе адбітак нейкай недасканаласці: месцамі вялізныя дзіркі, месцамі — нагрувашчванне дробных элементаў, лініі, абведзеныя лініямі, сабраныя ў лініі, складаныя вузлы, дзесяткі колераў, вельмі дробныя надпісы... Карацей, так і хочацца яе палепшыць)

Лепшая альтэрнатыва — спрасціць

Кажуць, чым меней паваротаў у лініі, тым лягчэй прасачыць маршрут. А каб іх было меней, трэба сетку вуглоў з 45° змяніць на 36°. У выпадку менавіта кракаўскай геаграфіі яна больш натуральная.

Яшчэ лічыцца, што спрашчае ўспрыманне ўнутраны парадак, які ўзнікае, калі элементы падпарадкоўваюцца аднаму рытму. У альтэрнатыўнай версіі такі рытм ёсць у кожнай плоскасці:

Надпісы таксама парасстаўляныя рытмічна:

Колеры і пучкі

Калі ўважліва прыгледзіцца да кракаўскіх трамваяў, высвятляецца, што кожны маршрут не такі ўжо й унікальны — яны па два, па тры, а то і па чатыры ходзяць на асноўных адрэзках тымі ж самымі вуліцамі. Адрозніваюцца толькі “хвасты” маршрутаў. Таму мець кожнаму маршруту свой асабісты колер зусім не абавязкова. У альтэрнатыўнай версіі абыдземся толькі 7 на ўсіх замест былых 20. Гэта акрамя ўсяго дасць нам магчымасць разблытаць складаныя вузлы:


Новыя колеры падабраныя такім чынам, каб схему маглі прачытаць таксама і людзі з парушэннямі ўспрымання колераў:

1) Як убачаць схему, напрыклад, людзі з дэйтэранамаліяй; 2) дэйтэранапіяй; 3) трытанамаліяй

Змяншэнне колькасці колераў дае дадатковы своеасаблівы мнеманічны эфект: па колеры лініі можна адразу сказаць, якая ў яе “геаграфія”. Кшталту “чырвоная ідзе з паўночнага захаду на поўдзень праз Філармонію і Страдом”, ці “фіялетавая — так жа сама, толькі праз Старавісельну і тэатр Славацкéга”, ці “жоўтыя з сінімі ўмоўныя гарызанталі, а туркусовая — умоўная вертыкаль, ідзе праз тунэль”. І гэтак далей.

Акрамя гэтага, калі колераў менш, схема больш чыстая і пазітыўная. Пазітыву дадаюць таксама геаграфічныя аб'екты (акрамя таго, што з'яўляюцца арыентырамі).


Яшчэ адзін з вядомых прынцыпаў паляпшэння схем — пазбавіцца ад легенды (прынамсі хаця б часткова). Для альтэрнатыўнай версіі было вырашана паказаць напрамкі, у якіх ідуць трамваі, не ў легендзе, а ў саміх канцавых пунктах.

Што аб'ектыўна стала лепш

Пры аднолькавых габарытах схем (альтэрнатыўная нават трохі меншая па вышыні) надпісы на новай схеме значна большага памеру, чым тыя, што на афіцыйнай:



Такім чынам, лічу, альтэрнатыўная схема лепш :)

***

Сябры, гэта першая версія схемы, якая будзе дапрацоўвацца. Мне патрэбна ваша дапамога. Па-першае, неабходныя людзі з добрым валоданнем польскай, для таго, каб вычытаць і выправіць памылкі, якія я верагодна нарабіў. Па-другое, патрэбны жыхары і наведвальнікі Кракава, якія б дапамаглі знайсці факталагічныя памылкі. Калі вы ці вашы знаёмыя могуць дапамагчы, калі ласка, напішыце мне.

2023   hypothesis   public transport   scheme   trams